ВО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

прыдатныя для гасп. выкарыстання аднаўляльныя паверхневыя воды, глебавыя воды і падземныя воды; адзін з найважнейшых відаў прыродных рэсурсаў. Асн. крыніцай водных рэсурсаў служаць прэсныя воды сушы, якія папаўняюцца за кошт ападкаў атмасферных і аднаўляюцца ў працэсе кругавароту вады на Зямлі.

Складаюцца з расходных элементаў воднага балансу рачных басейнаў — сцёку і выпарэння (гл. Водны баланс Зямлі) Рэсурсы сцёку вял. тэрыторый ці рачных вадазбораў вызначаюцца па велічыні паверхневага і падземнага сцёку, рэсурсы глебавай вільгаці — па велічыні выпарэння з сушы ў цёплы (вегетацыйны) перыяд года. Паводле сярэдніх шматгадовых паказчыкаў, рэсурсы сцёку сушы Зямлі складаюць 44,6 тыс. км³ за год, у т. л. Еўропы 3,2, Азіі 14,4, Афрыкі 4,6, Паўн. Амерыкі 8,2, Паўд. Амерыкі 11,8, Аўстраліі і Акіяніі 2,4 тыс. км³ за год. Найб. аб’ём сцёку мае Бразілія — 22% сусв. рэсурсаў (за кошт р. Амазонка). У якасці водных рэсурсаў у асобных мясцовасцях выкарыстоўваюць атм. вільгаць, марскую ваду (апрэсненую), ваду, атрыманую з ледавікоў, і інш. Зямля забяспечана воднымі рэсурсамі, іх дэфіцыт у некаторых краінах узнікае пераважна ў выніку антрапагеннага забруджвання і разбурэння прыродных экасістэм. Комплекснае выкарыстанне і ахова водных рэсурсаў — задача воднай гаспадаркі. Водныя рэсурсы эксплуатуюцца пры водакарыстанні і водазабеспячэнні. Адрозніваюць натуральныя (патэнцыяльныя) і змененыя (наяўныя) рэсурсы рачнога сцёку, натуральныя і эксплуатацыйныя (якія можна выкарыстаць) рэсурсы падземных вод.

Водныя рэсурсы Беларусі складаюцца з рачнога сцёку, глебавай вільгаці і падземных вод. За год выпадае 146 км³ атм. ападкаў, з іх 110 км³ ідзе на выпарэнне, астатняе — на сцёк. Сярэднешматгадовыя натуральныя рэсурсы сцёку (км за год): мясцовыя 36,4, агульныя (разам з прытокам з-за мяжы) каля 58, наяўныя мясцовыя каля 38,8, агульныя — 63. Прырост наяўных рэсурсаў адбыўся ў выніку гідрамеліярацыі ў вадазборы Прыпяці. Рэсурсы глебавай вільгаці складаюць каля 90 км3 за год. Натуральныя рэсурсы падземных вод складаюць 15,9, эксплуатацыйныя — 18,1, з іх разведаныя агульныя эксплуатацыйныя запасы — 2,31 км³ за год. Пытанні выкарыстання і аховы водных рэсурсаў рэгулююцца актамі воднага заканадаўства і інш.

В.В.Дрозд.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)